Зiмовы лес. I ноч глядзiць савою...

***
Зімовы лес. І ноч глядзіць савою.
І толькі цень ад крылаў мільгане,
І поўня над сасновай галавою
Саве-сяброўцы быццам бы кіўне.

Ад піску мышы ноч расплюшчыць вочы
І зноў засне - у снежнай цішыні,
А месяца святло плыве па ночы,
І ззяюць зоркі недзе ў вышыні.

Праз зімні лес я ноччу ціха крочу,
Апошняй электрычкі чую гул.
Хоць светлы шлях сабе ўжо не прарочу,
Мне шлях у цемры поўняй падмігнуў.

Мой шлях - у цемры, у зімовым лесе,
Нібыта ў рэзервацыі жыву.
Не ўбачыш тут арла у паднябессі,
Хіба што ноччу - мудрую саву.

Зімовы лес. І ноч плыве савою.
Я толькі ценем ночы прамільгну
І поўні над сасновай галавою
Сваёю непакорнаю кіўну...

01. 02. 2024 г.


Рецензии