Гармонiя

Сягоння я нікуды не спяшаю --
Маё жыццё ёсьць толькі назіранне
За клёнам, што захутаў шыю ў шалік
І пазірае на сняжынак гранне.

Зімовы лес -- у велічным настроі.
Яму цікава пазіраць на цішу.
Ён светапогляд дум не перакроіў
І пра вясну зімою вершы піша.

Выстуквае памер на дрэве дзяцел --
Харэй калядны стаў ударным ямбам.
Лес веры беларускай не растраціў,
Яго не спакусіў ні чорт, ні д'ябал.

Каб лесам стаць -- для дрэваў час патрэбен.
Я ў часе гэтым -- вечнасці гадзіннік:
Крывіцкі меч, стары славянскі грэбень,
Што прысягаў служыць сваёй Радзіме.

Ёсьць повязь чалавека і прыроды.
Загінуць пчолы -- следам знікнуць людзі.
Ніхто не прыме ў парадзіхі роды,
Зямлю гуканнем веснім не прабудзіць.

Пакуль жыву -- яднаю з ёю думкі,
Гармонію шукаю ў чалавеку.
Адтуль бяру ўсе словы, веды, гукі,
Бо так было і будзе так спрадвеку.

27.12.2023.


Рецензии