Ядвiгiн Ш

О, колькi творцаў напаiў ты сокам,
Любiмы край, край сосен, векавых дубоў.
Святло нясе iх голас з тых вякоў далёкiх,
Павагу, гонар i сыноўскую любоў.

Ядвiгiн Ш свой першы крок да ведаў
Зрабiў на нашае валожынскай зямлi.
Цяжар турбот, няволi, краты зведаў,
Любiў свой люд, рваў путы i шукаў шляхi.

Сын шляхцiча, ды не кружыла пыха,
Нутро пяклi няволя i паветра стогн.
Будзiла думы векавое лiха,
Злiваўся з рэхам слоў гаючых гучны звон.

Не марнаваў жыццё, заўжды  за працай,
Зняволеным зрабiў свой першы пераклад.
Характар меў i не любiў здавацца,
Народу роднаму быў верны сын i брат.

У сэрцайка ўвабраў слязу люцкую,
Што ў хвалях горачы тапiла кроў i пот.
Ды  слоўцамi гукаў у цьму начную,
Будзiў свядомасць адшукаць да долi брод.

У творах мова льецца песняй дзiўнай,
Варожаць i палоняць сочныя радкi.
То байкаю, то прозай сатырычнай
Душу ўскалышуць чулых гукаў ручайкi.

Ён бацька беларускага рамана,
Апошнi сказ застыў на кончыку пяра.
Лёс абарваў жыццёвы шлях так рана,
Прыйшла  з завеяю жалобная пара.


Рецензии