А белы снег, нiбыта крупы, сыпле...

Амаль італьянскі санет

А белы снег, нібыта крупы, сыпле.
Снег на куццю - грыбное лета жджы.
Сняжок сухі, да вокнаў ён не ліпне,
Прыліпнуць летам цёплыя дажджы.

А белы снег, нібы пяскі Егіпта,
Зноў нараджае думак міражы
І расцірае фарбы на палітры,
Хоць ты пейзаж зімовы напішы...

Снег на куццю - грыбное будзе лета.
Цямнее рад ялінак на мяжы.
Ёсць толькі снег, на гэтым песня спета,

Ёсць толькі снег, ёсць толькі белы снег,
Не трэба больш нічога для душы.
Ёсць толькі міражы і думак бег...

24. 12. 2023 г.


Рецензии