Снег мяце над белым полем...

***
Снег мяце над белым полем,
Белы снег мяце.
Снегу белага раздолле
Сэрца не гняце.

Ды няма раздолля мовы
На маёй зямлі.
Што ж, пачуйце праўды словы,
Родныя палі:

Не радзіць "цыбулю з бульбай"
Вам ніколі тут.
Абезмоўлены і з кульбай
Крочыць родны кут.

За ўраджай шчэ "дзякуй" кажа...
І бярэ рублі.
Чорны снег, нібыта сажа,
Вее на палі.

Чорны снег над чорным полем,
Чорны снег мяце.
Снегу чорнага раздолле
Мне душу гняце,

Бо няма ўжо роднай мовы 
На маёй зямлі.
Прадаецца нават слова
Сёння за рублі.

23. 12. 2023 г., 25. 01. 2024 г.


Рецензии