На Русальны тыдзень...
Як пайшоў хлапчук
на Русальны тыдзень,
Як пайшоў ў ваду,
дзе хаваўся злыдзень,
Як ступіў нагой
у ваду пятою,
Пацягнуў яго
нехта ў глей рукою.
Ой, чаму ж хлапчук,
ты не слухаў матку?
А цяпер крычыш
ды не чуе татка,
Не паможа ён,
не памогуць людзі-
Ведаюць здавён,
што тут ліха будзе.
Не хадзі ў ваду
на Русальны тыдзень,
Песціць бараду
пад вадою злыдзень.
Вадзянік стары
азяро шануе
І людзей дурных
ён не пашкадуе,
А дачок сваіх
ён пусціў на волю
Свята святкаваць,
пахадзіць па полі,
Зазірнуць у лес,
пагайдацца ўдосталь,
На асіну ўзлезць,
ўзлезці на бярозу,
Папужаць сялян,
пагарэзіць трохі,
Ты ж патрапіў сам
у палон глыбокі.
Цяпер будзеш ты
бы тапелец сіні
З тэй русалкай жыць
у падводнай ціне,
Будзеш слугаваць
Вірніку старому,
Азяро цяпер
табе стане домам...
Ой, як хадзіў хлапчук
на Русальны тыдзень,
Ой, як хадзіў ў ваду,
дзе хаваўся злыдзень...
Нашы продкі верылі, што праз восем тыдняў пасля Вялікадня, калі пачынае красаваць жыта, трэба асабліва сцерагчыся русалак. Пачынаючы з Духава дня русалкі выходзяць з азёр і рэк, гушкаюцца на галінках бяроз, гуляюць у полі і нават заходзяць у вёскі. З даўніх часоў на Русальны тыдзень існавала забарона на ўсялякія палявыя працы. Акрамя таго, сяляне імкнуліся не хадзіць у лес і не пушчалі туды дамашнюю скаціну. Таксама ні ў якім разе нельга было купацца – асабліва апоўдні і апоўначы, гэты час здавён лічыўся спрыяльным для ўсіх нячысцікаў.
Свидетельство о публикации №123120706644