А на святым кургане...
А на святым кургане
Асілак стаіць,
А на яго галіне
рушнічок вісіць,
Ой, вісіць рушнічок
ды йстужачкі,
Ды не бачна вакол
маёй душачкі.
Ой,ты люба мая,
даражэнькая,
Ой, чаму ж не прыйшла,
малажэнькая?
Ці то матка цябе
запаволіла
Ці то бацька забіў
за сваволенне?
Я Асілку таму
буду жаліцца,
На святым кургане
буду кланяцца.
Ой, ты Дубе стары
першародненькі,
Табе чутны вятры,
мой самотненькі,
Дык няхай хоць адзін
той вятрысачка
Данясе да Яе
маё імячка,
Хай раскажа, што тут
я маркочуся,
Што стаю я як Дуб
карой зморшчыўся,
Што галіны мае
спарахнелыя,
Што на іх рушнікі
брудна-шэрыя...
А на святым кургане
Асілак стаіць,
А на яго галіне
рушнічок вісіць...
Дуб - адно з найбольш шанаваных дрэваў у беларусаў і іншых індаеўрапейскіх народаў, у беларускай міфалагічнай мадэлі свету – сімвал вечнага жыцця. У многіх выпадках у фальклоры дуб фігуруе ў якасці Сусветнага дрэва, таму каля яго падножжа знаходзіцца Змей, а таксама воўна і іншыя рытуальныя прадметы. Змей можа хавацца ад бога навальніцы ў дупле, таму ў дуб часта б’юць перуны. Пад пагрозай заўчаснай смерці дуб забаранялася ламаць, секчы, зразаць. Затое ён як моцны энергетык дапамагаў лячыць захворванні спіны чалавека. Пачуўшы першы гром, трэба было спінай пацерціся аб дуб. Таксама лічылася што каля каранёў дуба знаходзіцца уваход у царства смерці. Відаць з гэтай нагоды ў некаторых мясцінах Беларусі да свяшчэнных дубоў прыходзілі на Радаўніцу, ахвяруючы дрэву пэўныя памінальныя стравы, а на яго галінах развешвалі белыя льняныя ручнікі. У Беларусі назвы культавых дубоў – Асілак, Волат, Святы дуб, Добры дуб, Стары дуб, Перуноў дуб, Вітаўтаў дуб.
Свидетельство о публикации №123120300547