Мой неадмольны грэх

МОЙ НЕАДМОЛЬНЫ ГРЭХ
леанід ПРАНЧАК

Памаліцца на дарогу
Я наведаўся ў царкву.
Распавёў, сцішэлы, Богу,
Што трывожыць, як жыву;
Што грашыў, злаваўся, крыўдзіў,
Верай мала даражыў,
Што зрэдчас тужыў і жміндзіў,
Хоць заўсёды з Богам жыў.

Малюся і спавядаюся,
Нягоды і боль цярплю.
Я каюся, грэшны, каюся,
Што Беларусь люблю
Так моцна, што ў смутку маюся,
Так чыста, як першы снег.
Я каюся, грэшны, каюся
За свой неадмольны грэх.

Свечкі ў прыхадзе пастаўлю
Я анёлам і святым.
Захлынецца сэрца ў жалю,
Пабялее шызы дым.
У прычасці ля амвону
Хлеб з віном, бы плоць і кроў,
Я прыму як абарону
І бясконцую любоў.

Малюся і спавядаюся,
Нягоды і боль цярплю.
Я каюся, грэшны, каюся,
Што Беларусь люблю
Так моцна, што ў смутку маюся,
Так чыста, як першы снег.
Я каюся, моцна каюся
За свой неадмольны грэх.

02.11.2023


Рецензии