Нi дажджу, нi снегу, проста вечар...
Ні дажджу, ні снегу, проста вечар.
Проста цёмны вечар, лістапад.
Сыра, мокра, і паўднёвы вецер
Ў мяккай цемры сунецца праз сад.
І душа імкнецца ў гэту цемру -
Паляцець бы ёй праз лістапад
Да той ліпы, што ля хаты дрэмле,
Да часоў, што не вярнуць назад.
Недзе там паўднёвы вецер скача,
Заганяе ў комін з грубкі дым,
Каля грубкі мама ціха плача -
Недзе там, дзе быў я маладым.
Хвортка ляпне глуха, нехта крочыць.
Завітае цётка на парог:
"Гэты вецер снегу напрарочыць.
А няхай і лёг бы, дай жа Бог..."
Ні дажджу, ні снегу. Проста вечар.
Проста ўспомніў роднае сяло,
Дзе лагодны цёплы вее вецер,
Дзе дарогу лісцем замяло...
19. 11. 2023 г.
Свидетельство о публикации №123111906729