Я тут не жыву...

***
          О, Божа, пашлі нам
          Прасветлены шлях...
                Міхась Башлакоў

Я тут не жыву,
Існую і працую.
Дзе поле бяскрайняе,
Дзе той прастор?

Здаецца, што сам
Выбраў долю такую
І сам сабе вынес
Такі прыгавор.

Ніхто сваю долю
Ніколі не знае.
Бяскрайні прастор
Тут не ўзніме душу...

Я тут не жыву,
І душа не лятае,
А толькі глытае,
Глытае імжу...

Куды б ні ступіў,
Тут павалены дрэвы:
Ні справа, ні злева
Прастору няма.

Я тут не жыву,
Бо душы не да спеваў,
Калі тут залеву
Змяняе зіма.

Я тут не жыву...
Дык пашлі мне, о, Божа,
Бяскрайняга поля
Свабоду, прастор...

І доля мая
Расквітнее і зможа
Душу акрыліць мне
Ў палёце да зор.

02. 11. 2023 г.


Рецензии