Муза

Шукай ў дробязях празрэння,
Дзе свежай думкі ёсць палёт.
Дзе ёсць палёт – там і натхненне
(Азарт, прыгоды і здзіўленне!),
Пачуццяў вір – вадаварот.
    
      *  *  *          

Бяжыць дзяўчо сцяжынкай палявою,
Як матылёк,
І – ловіць матыля.
Дзяўчынка 
З белабрысай галавою –
Прычына радасці маёй
І неспакою, –
Вакол якой і верціцца зямля.

Гляджу я ўслед ёй –
Не дастаць рукою,
Баюся, што спужаю матыля...
Дзяўчынка
З белабрысай галавою
(Сябе на тым я зараз супакою)
І стане Музай нейчаю пасля.


Рецензии