Дай, Госпадзе, пражыць мне гэты дзень...

***
Дай, Госпадзе, пражыць мне гэты дзень
У непаўторнай цішыні асенняй,
Блукаць па лесе, сесці дзе на пень,
Маўчаць і піць адвольнае натхненне.

Дай, Госпадзе, узнесціся душой
Над мітуснёй пакутліва-нясцерпнай,
Даруй душы зняволенай спакой,
Змякчы яе бязрадасныя церні.

Дай, Госпадзе, мне гэты дзень пражыць
У цішыні асенняй адзіноты
І, як Цябе, ўсім сэрцам палюбіць
Адвечны сум і боль яе гаркоты.

22. 10. 2023 г.


Рецензии