Табе, мой край
Вянок санэтаў
1
Я да жыцця не стаўлюся з пагардай
З малога ўзросту і да сівізны,
Калі сядзеў і першы раз за партай,
І калі чуў, як звоняць у званы.
Кавалак хлеба мочаны ў ваду,
Ды цукар зверху, тое не забыць,
Як я за кнігамі ў першы раз іду,
Як апасля без кніг не мог я жыць.
Маё сяло, майго дзяцінства крокі,
Пахучы бэз, ламаты мной не раз,
К Вялікадню сандалікі, панчохі,
Ды яйкі ў кішэнях пра запас.
Ля хаты выган, дзе трава ў расе,
Нясу свой крыж, як кожны з нас нясе.
2.
Нясу свой крыж, як кожны з нас нясе,
Дзе беражком, дзе напрамкі праз гаці.
Вось і гады мае ў вершы ўсе,
Аб іх хачу я сёння расказаці.
Юнацкіх дзён ніколі не забыць,
Той пах лугоў, пакосы канюшыны,
Дняпроўскіх хваляў сіні аксаміт
Ды васількоў у жыце спеў птушыны.
Крынічны плёс ля зарасляў ракіт,
Дзе ў вадзе заходзіліся ногі,
Дзе млын стары яшчэ цяпер стаіць,
Як помнік дням мінулым ля дарогі.
Вось і пішу аб тым, бо, кажуць варта,
Калі бязвольна, а калі ўпарта.
3.
Калі бязвольна, а калі ўпарта.
Бязглузда часам, часам быццам не.
Прымаў свой лёс нібы гуляў у карты.
Казала маці: "З ветрам у галаве".
Вучыўся добра, розуму хапала,
Але рабіў і шкоды вельмі шмат,
Віхуры маці часта казытала,
А бацька з рук не выпускаў шпагат.
Любіў з матуляй і каровак пасвіць,
Збіраць грыбы, мясцінаў тых знаток.
Любіў, калі ў небе зоркі гаслі,
Прачнуцца рана ды пайсці ў лясок.
А ў ляску зязюля зноў пяе,
Прымаю тое, што мне лёс дае.
4.
Прымаю тое, што мне лёс дае,
Але аб тым задумваюся мала,
Гады зязюля лічыць на сасне
І грэх казаць, што мне не шанцавала.
У горад, пасля школы, быў маршрут,
У тэхнікум прыняты навучэнцам,
Ды засталіся сябрукі ўсе тут,
А я адзін паехаў адшчапенцам.
Як сумаваў, мне тое не забыць,
Як вашаняты бегалі ў галоўцы...
"Цярпі, сынок, бо трэба перажыць" –
Казала маці ў ролі суразмоўцы.
І я цярплю, матулю разумею,
Жыву надзеяй, што яшчэ паспею.
5.
Жыву надзеяй, што яшчэ паспею
Таго ўсяго, што ў думках, дасягнуць.
Вучуся ў іншых, шмат і сам умею,
У госці крочу, калі зноў завуць.
Ідзе жыццё, сваёю сцежкай крочыць,
Чакае маці з арміі ўжо,
А бацька пільна за салдатам сочыць:
Як там маё армейскае жыццё?
Вось і пагоны старшыні ўручылі,
Прадставілі да ордэна якраз,
Але байцы зноў нешта ўтварылі,
А старшыні за ўсіх трымаць адказ.
Чакаю дэмбель і сваю вясну,
Ажыццявіць задумкі наяву.
6.
Ажыццявіць задумкі наяву:
Не, не рвануць куды-небудзь у Сочы,
Хацелася туды, зноў у Маскву,
Дзе дзеўчыны прываблівыя вочы.
Але бацькі: "Куды ты зноў ад нас?
Мы па жыцці амаль цябе не бачым,
Ідзі ў міліцыю, у добры час,
У Гомель едзь, такое вось прызначым".
Згадзіўся я, пярэчыць ім не стаў,
Ды і хвароб да іх прыйшло нямала.
Далі мне форму, зброю атрымаў,
І службу нёс зусім не як папала.
Хадзіў у форме, нібы па Брадвею,
І ў спёку лета, і ў зімы завею.
7.
У спёку лета, ці ў зімы завею,
Як часавы заўсёды на пасту:
Наган, свісток, папруга партупеі,
Відаць такога хлопца за вярсту.
Дзяўчаты ліплі як пчала да мёду,
Бо халасцяк і тварам прыгажун.
Казала маці: "Бацькава парода",
А бацька галавой ківаў: "Бля..н".
Быў Яраслаўль, затым дамоў вяртанне,
Дзе мне ўручылі зоркі на пагон.
Руціна службы, першае каханне
І адчуванне: сеў не ў свой вагон.
І калі, часам, не туды плыву,
Я адчуваю, што яшчэ жыву.
8.
Я адчуваю, што яшчэ жыву,
Пасля таго, як не збыліся мары,
Шукаю выйсця цераз не магу
І адзяваю нават акуляры.
Пайшоў са службы, цяжка мне аб тым,
Не сам пайшоў, вялі мяне пад ручкі,
Стаў прымаком у доме я чужым,
Было жыццё, нібы ў салдат анучкі.
Каціўся ўніз, губляў сябе і твар,
Пілі гарэлку з жонкаю напару,
І не было ўжо больш ні дум, ні мар,
Відаць, Гасподзь паслаў мне гэту кару.
Але заўсёды цешыла нагода,
Бо ёсць натхнення ў сэрцы асалода.
9.
Бо ёсць натхнення ў сэрцы асалода.
Пачаў я вершы ў думках рыфмаваць –
У час любы, у любую пору года
Спяшаўся рыфму ў сшытак запісаць.
Было лягчэй душы ў жыццё вярнуцца,
Каб жыць вясной і спевам салаўя,
Піць перастаў, спяшаўся акунуцца
У непаўторнасць нашага жыцця.
Развёўся з жонкай: не было намеру
У яе розум брацца – справа швах,
Забраў дзяцей, набыўшы ў шчасце веру,
Пачаў жыцця ў будучыню шлях.
Пачаў адлік я новага жыцця,
Дзе кожны верш часцінка набыцця.
10.
Дзе кожны верш часцінка набыцця.
Той веры ў цуд, што дорыць нам надзея,
Што да цябе амаль што як свацця,
Бо заручыцца поспехам умее.
Дом будаваў, расціў у ім дзяцей,
Свайго сынка і з падчаркаю ладзіў.
І ўсё было ў нас як у людзей,
Але й жыцця я шмат гадоў патраціў.
Ужо за сорак, – цяжка аднаму,
Бо побач не было са мной жанчыны.
Вось так і жыў, казаў сабе: таму
Лёс бабыля нялёгкі для мужчыны.
Ды не пытаўся лёс на тое згоды,
Маё жыццё – мае ў ім прыгоды.
11.
Маё жыццё – мае ў ім прыгоды.
Глядзеў бацькоў, пакуль яны жылі,
Дапамагаў ім сеяць агароды,
Яны да ўнукаў добрыя былі.
Памерла маці ў маі адвячоркам.
Забраў старога ў горад да сябе
І так было на сэрцы прыкра й горка:
Яна заўсёды верыла ў мяне.
Праз два гады пайшоў за ёй і бацька.
Схаваў іх побач, там дзе род ляжыць.
Пагаравалі мы з сястрою Надзькай,
Без мамы з татам трэба было жыць.
І ўспаміны цешылі дзіця,
І тое ўсё з мінулага жыцця.
12.
І тое ўсё з мінулага жыцця
Яшчэ не раз прыходзіла начамі:
Бабуляй там варылася куцця,
Спявала маці ціха вечарамі,
І сярод хаты кроснаў зноў слупы,
І я круціў старанна матавіла.
Ды ў полі гуртам ставілі снапы,
Не, тое памяць з часам не забыла.
Мінулі дні, сустрэў дзяўчыну я,
Што маладзей мяне дый на багата
Казаў ёй: "Не – я пара не твая"
Яна ў адказ: "Мне мужам будзь і татам".
Згадзіўся я, бо быў кахаць гатовы,
За кожны дзень нясу падзякі словы.
13.
За кожны дзень нясу падзякі словы
Табе, мой лёс, за любую маю,
За дваццаць год, дзе ў кожным ранку новым
Я аб каханні песню ёй пяю.
І за дачку, што Бог нам даў вясною
Яму малюся, што яшчэ сказаць,
Шкадую, што не ўбачыла жывою
Сваю бабулю, не змагла абняць.
Ужо студэнтка, вучыцца як трэба,
Такая радасць бацьку па жыцці,
Я зычу ёй, хай мірным будзе неба,
Каб і далей так шчасліва расці.
Вось так жыву, нясу падзякі словы
Табе, мой край, табе, мой шлях жыццёвы.
14.
Табе, мой край! Табе, мой шлях жыццёвы!
І мова беларуская мая,
Удзячныя і вершы, і прамовы,
Удзячная шчаслівая сям'я.
Па дрэву стукну – толькі б не сурочыць,
Хай будзе так і сёння, і заўжды,
Хай сонейка па мірным небе крочыць,
Квітнеюць вёскі нашы й гарады.
Не трэба нам і грошай тых багата,
Сяброў паболей, пачуцця мацней.
Хай будзе хлеб і кветкі ў нашых хатах,
І слёз не будзе з матчыных вачэй.
Хоць можа стане верш казырнай картай, –
Я да жыцця не стаўлюся з пагардай.
15.
Я да жыцця не стаўлюся з пагардай.
Нясу свой крыж, як кожны з нас нясе,
Калі бязвольна, а калі ўпарта,
Прымаю тое, што мне лёс дае.
Жыву надзеяй, што яшчэ паспею
Ажыццявіць задумкі наяву,
І ў спёку лета, і ў зімы завею
Я адчуваю, што яшчэ жыву.
Бо ёсць натхнення ў сэрцы асалода,
А кожны верш – часцінка набыцця.
Маё жыццё – мае у ім прыгоды,
І тое ўсё з мінулага жыцця.
За кожны дзень нясу падзякі словы
Табе, мой край! Табе, мой шлях жыццёвы!
Свидетельство о публикации №123101503304