Грыбы перабiраю, матулю успамiнаю...

***
Грыбы перабіраю, матулю ўспамінаю...
За Дворышчам учора я назбіраў грыбоў.
І зноў я у дзяцінстве душою патанаю,
У родны хвойнік крочу за хатаю я зноў...

Грыбы перабіраю, а за акном кастрычнік
Прасветлены і ціхі у лес мяне заве,
Дзе дуб паміж бярозак, нібыта дзед-язычнік,
Дзе пасядзець хацеў бы пад ім я у траве...

Грыбы перабіраю, з матуляй размаўляю.
Яна дапамагае мне перабраць грыбы...
А потым зноў пакрочу, па лесе пагуляю,
Каб прывітаць і сёння за вёскаю дубы...

09. 10. 2023 г.

Пагранічнае Дворышча — вёска ў Мінскім раёне.


Рецензии