Радок напiшу, каб душа не ржавела...

***
Радок напішу, каб душа не ржавела.
Ржавее ігруша ў мяне пад акном.
Асіна на ўзгорку амаль што зжаўцела,
І неба махае ёй шэрым крылом.

Ідзе напралом мая восень святая,
Не хоча ніякіх шляхоў выбіраць,
Бо ведае добра, хаця й залатая,
Што прыйдзе часіна і ёй паміраць.

Радок напішу, каб душа не ржавела,
Як лісце ігрушы, як гронкі рабін,
І каб пра цяпло захаванае пела,
Як жоўтае лісце дрыготкіх асін...

06. 10. 2023 г.


Рецензии