Канчаецца верасень, сшытак i кнiга...
Канчаецца верасень, сшытак і кніга,
Якую ўсё лета чытаў - тры разы.
А што засталося ад лета - ад мігу?
У сшытку - лісток пажаўцелы з лазы...
Забуду я верасень, кнігу закіну,
А сшытак, як голле сухое, спалю.
І буду лавіць на акно павуціну,
Каб, можа, яе падарыць жураўлю...
Няхай яе возьме ў чужыя краіны,
Як доказ маіх недарэмных надзей,
Што вернецца з песняй мой клін жураўліны,
Што песня яго даляціць да людзей...
А песня мая?.. Я спалю гэты сшытак.
Лісток пажаўцелы сабе забяру.
Канчаецца верасень. Срэбраных нітак
Збіраю цяпло, - жураўлю падару...
29. 09. 2023 г.
Свидетельство о публикации №123092903834