Куды мне падзецца ад гэтай сумоты...

***
Куды мне падзецца ад гэтай сумоты?
Сухую маліну зразаць неахвота...
Ахвота каліну абняць каля плоту
І выкінуць з думак зямныя турботы,
У сонечны вечар пайсці і застацца,
І больш у турботы жыцця не вяртацца.

А сонца асенняе ярка як свеціць!
Хоць дожджык прайшоў, але ўсё яшчэ леціць.
І гнуцца маліны пруты каля плоту -
Сырыя, сухія зразаць неахвота...

Ахвота у сонечным вечары знікнуць,
Каб толькі да восені ранняй прывыкнуць,
Каб трохі прывыкнуць да скрухі-сумоты,
Знямеласці восені, сонца дрымоты,
Да нерушы вечара і да нямоты -
Маўклівасці дзіўнай журбы і сціхоты.

20. 09. 2023 г.


Рецензии