Так хочацца блукаць па лесе...
Так хочацца блукаць па лесе
Бясконца доўга, цэлы дзень,
Шукаць радкі для новых песень,
Прысесці на яловы пень,
Забыць усе свае турботы,
Не думаць, як мне жыць далей,
Фальшывых дзён глухія ноты
Закрэсліць, выкінуць хутчэй.
Блукаць, блукаць, блукаць і марыць
У цішы нерушы лясной
І не зважаць, што ў сэрцы хмарыць,
Нібыта ў небе над сасной.
Мой край, даведзены да згубы,
Да стомленасці каранёў,
О, як ты песенны мне любы,
Мая адзіная любоў!
Сярод дзівоснай пазалоты,
Што лісцем восені дрыжыць,
Забыць усе свае турботы,
Не думаць, як далей пражыць.
Мой край, даведзены да страты
Сваіх магутных каранёў,
Ні ў чым, ні ў чым не вінаваты,
Як да яго - мая любоў.
Блукаць, блукаць, блукаць і марыць
У цішы нерушы лясной
І верыць, што разгоніць хмары
Жыццё над роднай стараной.
12. 09. 2023 г.
Свидетельство о публикации №123091204013