Чырванее лiсце на iгрушы...
Чырванее лісце на ігрушы.
Так жыццё гартае свае дні.
Адлятаюць дзён святыя душы.
Верасень запальвае агні
Жоўтыя на стомленай бярозе.
Ты таксама дзень не загубі,
Адшукай паэзію у прозе,
Прозу існавання палюбі.
Не звяртай увагі на турботы,
Мітусню, абставіны, настрой.
Як па кроплі мёд, збірай у соты
Новай песні слоў і думак рой.
Бо без песні, нават самай сумнай,
Дзень пусты і знікне ў небыццё.
І які б ні быў ён сёння тлумны,
Гэты дзень і ёсць тваё жыццё.
Чырванее на ігрушы лісце.
Верасень запальвае агні,
Каб мы іх успомнілі калісьці -
Залатыя восеньскія дні.
10. 09. 2023 г.
Свидетельство о публикации №123091003105