Як вершы складаюцца з прозы...
Як вершы складаюцца з прозы
Пад небам з густой сінявой,
Так хутка жаўцеюць бярозы
На ўзгорку за хатай маёй.
Рабі сваю справу, як восень
Фарбуе бярозак лісты,
Прыслухайся сэрцам да сосен,
Да іхняй святой прастаты.
Маўчы, калі хочацца плакаць,
І плач, калі хочаш крычаць.
Над верасня жоўтаю плахай
Падзення лістоў не суняць.
І добра, што прыйдзе завея
Зжаўцелая зноў пад гарой.
І цепліцца недзе надзея
На вершы асенняй парой.
Раптоўна жаўцеюць бярозы
За хатай на ўзгорку маім,
Як вершы складаюцца з прозы
Дыханнем пачуцця адным...
07. 09. 2023 г.
Свидетельство о публикации №123090703053