Восем год я не гуляу па лесе...

***
Восем год я не гуляў па лесе,
Дзе калісьці бавіў я гады,
Дзе складаў радкі свае і песні,
Дзе вясёлы быў і малады.

Пастарэлі дачныя суседзі:
Хто сляпы, а хто і ледзь жывы...
І брыду па лесе тым я недзе
Між кустоўя і сухой травы.

Лес змяніўся: дзе зарос, дзе высах,
Дзе сцяжынка знікла і сляды,
Дзе такая ж сярод лесу выспа,
Дзе такія ж сосны, як тады.

Хтось памёр, занепадае дача:
Зрэдку косіць спадчыннік траву.
Хтось купляе танна - вось удача!
Хтось над ёю ломіць галаву.

Хтось будуе дом на трох участках,
Хтось яшчэ там дажывае век,
Корпаецца ціхенька на градках,
Хоць даўно стары ўжо чалавек...

Лес і той мяняецца з гадамі,
І жыццё мяняецца, як лес...
Вымяраю сцежачку нагамі,
Бы іду жыццю наперарэз...

06. 09. 2023 г.


Рецензии