Хмарыцца неба. I лета сцякае...

***
Хмарыцца неба. І лета сцякае
У забыццё. А я ледзь паспяваю
Радком зачапіцца за цёплае лета.
Лета прайшло. Яго песенька спета.

Не паспяваю абдумаць, запомніць
Дні майго лета і жоўтую поўню -
Апошнюю поўню імгненнага лета.
Круціцца хуткай вавёркай планета!

Не паспяваю. Душа не даспела.
Сумную песню пра лета прапела.
Восенню, можа, радком зачаплюся
За нешта з дрымотнага лета. Здзіўлюся:

Ва ўсе да адзінай кароткія ночы
Побач былі твае светлыя вочы.

31. 08. 2023 г.


Рецензии