Жоутыя кветкi гараць каля плота...

***
Жоўтыя кветкі гараць каля плота,
Сумная восень паўзе на сады.
І ў агародзе, і ў сэрцы - турбота,
І на сцяжынках - лісточкі-сляды.

Восені першыя крокі нясмелыя,
Крокі ў тумане. І цёпла яшчэ.
І матылькі над палеткамі белыя,
Нібы душа майго жніўня цячэ.

Ды не ўцячэ ад туманнае восені,
Што непазбежна паўзе на сады.
І у высокай задымленай просіні
Шэрых аблокаў плывуць гарады...

Жоўтыя кветкі гараць каля плота,
Восень у жоўтым паўзе на сады.
І на душы, і на сэрцы - сумота,
І на сцяжынках - сумоты сляды.

27. 08. 2023 г.


Рецензии