Як гонкая мая iгруша...
Як гонкая мая ігруша,
Імкнуся перажыць той час,
Калі зямлі засмяглай суша
Так душыць, прыгнятае нас.
І сухазем'е-сухадушша
І несумленнасць перажыць,
Як гонкая мая ігруша,
Што ўся ад ветрыку дрыжыць.
Перажылі ж мы час халодны
І востры ўдар яго нажа,
Перажывём мы і бясплодны,
Калі ў нас цепліцца душа.
Перажывём, перачакаем,
Перахварэем, перажнём,
Каб, як ігруша ў белым маі,
Ружовым расцвісці агнём.
А зараз перажыць імкнуся
Засмяглы час сухой зямлі
І, як пад ветрам груша, гнуся
Ў той бок, дзе плачуць жураўлі.
21. 08. 2023 г.
Свидетельство о публикации №123082104400