Iмглiсты дзень, звычайны дзень. Працую...

***
Імглісты дзень, звычайны дзень. Працую,
Чытаю, выпраўляю і пішу,
Каб не пражыць яго мне упустую,
Не замаркоціць грэшную душу.

Жыву, як вы: маўчу і спачуваю
Сабе і ўсім, каму нялёгка жыць.
Як на асіне, што ля лесу з краю,
Душа самотным лісцікам дрыжыць.

Жыццё бяжыць і прабягае міма.
Якое ёсць, яго не супыніць.
Жыву, як вы і як мая Радзіма,
Якую мне нічым не замяніць.

Паэтам быць нікому не жадаю:
За лёс Айчыны так душа баліць!
Як ліст асіны, што ля лесу з краю,
Яна дрыжыць, як ветрык набяжыць.

20. 08. 2023 г.


Рецензии