Сёння снiлiся мама, i дзядзька, i цётка...

***
Сёння сніліся мама, і дзядзька, і цётка.
Гаварылі са мной і сядзелі ўсе разам.
Калыхалася месяца срэбная лодка.
І было так прыемна сядзець нам пад вязам.

І пыталася цётка, ці ездзіў я к брату
І ці мне спадабалася ў Гомелі гэтым?..
Бачыў цётчыну ўсмешку і цётчыну хату
І здавалася мне, што не стану паэтам.

Усміхалася мама, і дзядзька ўсміхаўся,
Як расказваў я ім пра жыццё гарадское.
Срэбны месяц над вязам дрыжаў, калыхаўся,
І свяцілася неба над намі жывое.

І было так прыемна сядзець мне пад вязам,
Размаўляць, і смяяцца, і цешыцца летам,
Адчуваць, што і сёння я з роднымі разам,
І ніколі для іх я не стану паэтам.

19. 08. 2023 г.


Рецензии