Навечна
Ты на моры застаўся навечна,
Хоць ніколі не быў пры жыцці...
Паглынула чужая далеча
Сны і мары дадому дайсці.
Прытуліць сваю мілую Маню
І любімых сыноў шасцярых...
Той апошняй смяртэльнаю ранню
Ты ў атаку рвануўся за іх,
За жыццё, за святло, за надзею!
Выбух. Ты над зямлёй узляцеў.
Горыч. Боль. У грудзях халадзее:
Не паспеў. Не паспеў. Не-пас-пеў...
Цэлы свет ратаваў, каб навала,
Зграя жорсткіх фашысцкіх ваўкоў,
Не стаптала і не разарвала
Лёс дзяцей, лёс бацькоў, лёс вякоў.
...Ты дадому з вайны не вярнуўся...
І да смерці чакалі сыны
Там, дзе звіў гаспадарлівы бусел
Радавое гняздо для сям'і,
Там, адкуль пазіраюць валошкі
І над Юхнаўкай шэпча рагоз,
Там, дзе ранкам смакуюць бярозкі
Чысціню дыяментавых рос...
Там чакалі, чакалі...Чакалі!
Тут ты ціхенька спіш вечным сном.
Чайкі з мора цябе адпявалі,
І чужым ахінулі крыжом.
...Калабжэцкія стогнуць бярозы,
Хоць усіх і не ведаюць слоў,
П'юць мае беларускія слёзы
За загінулых нашых дзядоў.
Свидетельство о публикации №123081704740
Мы помним ИХ....
Елена Шахова 7 04.09.2023 08:18 Заявить о нарушении
Благодарю за отзыв, Елена!
Валентина Дробышевская 04.09.2023 09:18 Заявить о нарушении