Я з родным словам не хiтрую...

***
Я з родным словам не хітрую
І не майструю свой санет.
Пачуцці словамі малюю,
Пішу жыцця свайго партрэт.

Не прагінаю сваю спіну
Ні перад кім я у жыцці.
Пішу пра срэбную асіну -
І голую, і у лісці.

На вецер словы не кідаю,
Не забаўляю імі свет.
Калегам творчасці жадаю,
У ёй пакінулі каб след.

Мне ісціне адной не здрадзіць:
Нялёгка кожнаму з нас жыць.
Ніколі верш не трэба ладзіць,
Калі душа твая маўчыць.

15. 08. 2023 г.


Рецензии