I людзi, i жыццё...

***
І людзі, і жыццё
Мяняюцца навокал.
Ляціць з бяроз лісцё
Са срэбнай павалокай.

Ці, можа, дождж адбіў
Лісцё тое зарана?
Не правільна мо жыў?
Баліць душа, як рана.

Мяняецца жыццё.
У ім пануе чэрствасць.
Ляціць з бяроз лісцё,
Бы адпадае вернасць.

Ці проста дождж пасек
Не да пары лістоту?
Ці чалавек, ці век
Навеяў мне сумоту?

І людзі, і жыццё
Мяняюцца навокал.
Ляціць, ляціць лісцё,
Нібы падбіты сокал...

10. 08. 2023 г.


Рецензии