Альтанку аплятае дзiкi хмель

Альтанку аплятае дзікі хмель…
Яшчэ да першых лапінак травы
Бунтуе з асалодай
                зграбны чмель:
З марозных сховаў вылез ледзь жывы!

Даруй мне,
                як чмялю,
                маё жыццё,
Будзённае ў пошуках сябе!
Прытупіць час кахання вастрыё –
Ад мітусні збягу, як ад цябе.

Шкада, не перакроіцца наноў,
Што нам даецца раз і назаўжды…
І дастаткова позіркаў – не слоў, –
Каб зразумець
                увесь адчай душы.


Рецензии