Калi сляза у вачах маiх iмжыць

Калі сляза ў вачах маіх імжыць,
Салодкаю гарбатай пешчу лёс.      
Скажы, далёкі мой, як трэба жыць,
Калі цвітуць сады і ў сенакос?

Лічыцца з кім і давяраць каму,
Калі навокал – слота і дажджы?
Калі хацелася б уткнуць шчаку
Ў тваё плячо. Што мне рабіць?
Скажы…

Калі спяваць, дыхання не стае,
А рыфмы прагна тузаюць у снах.
Як мне дайсці, далёкі, да цябе,
Калі апоўдні знікне ценяў шлях?

Каго прасіць аб літасці зямной?
Як доўга словам востры боль гаіць?
Старонкі перагортваючы дзён,
Скажы, далёкі мой, як трэба жыць?


Рецензии