Неба грымiць, пачарнела паветра...

***
      Светлай памяці паэтаў
      Дзмітрыя Пятровіча і Міколы Шабовіча

Неба грыміць, пачарнела паветра,
Лінуў і сцішыўся жнівеньскі дождж.
Так вось і песня, што сэрцам не спета,
Хлыне і змоўкне. Яе не трывож.

Многа ў той песні ўспамінаў трывожных,
Многія песню ужо не спяюць.
Неба грыміць, дык спявай асцярожна,
Хай тваю песню па кропельцы п'юць.

Дзмітрый Пятровіч, Мікола Шабовіч
Шлюць мне для песні дажджы і грамы.
Песню сваю ім ніяк не прамовіць,
Просяць, каб пелі за іх яе мы.

Неба грыміць, разыходзіцца дожджык,
Ах, як струменіць, бруіцца, ліе!
Быццам спявае дзесь душ перавозчык,
Быццам паромшчык там песню пяе.

07. 08. 2023 г.


Рецензии