Гляджу на вецер i жыву...

***
Гляджу на вецер і жыву,
Ці вершаў зборнікі чытаю.
Да вечара свайго плыву
І дні, як талент свой, губляю.

І не шукаю больш радкоў
Кранальных, ўзнёсла-незабыўных.
І ледзянее ў жылах кроў
Ад вершаў ветрана-наіўных -

І ад сваіх і ад чужых.
Чужыя я не крытыкую.
Хапае мне грахоў сваіх
І дзён, пражытых упустую.

І толькі каб не закрануць
Душу чыюсьці, не зняважыць,
Хачу у ветры патануць
І ў ім ні слова не заўважыць.

03. 08. 2023 г.


Рецензии