Дождж на Iльлю, а я успомнiу Пракопауку...
Дождж на Ільлю, а я ўспомніў Пракопаўку,
Школу старую, дарогу паўз хвойнік,
Хату Свісткову, за хатаю - копанку...
І з памідорамі - наш падаконнік.
"Хай даспяваюць, на градах счарнеюць," -
Мама казала і іх выбірала.
"На падаконні няхай рудавеюць,
Сёлета ў нас памідораў нямала..."
Дождж на Ільлю. Прыйдзе цётка да мамы.
Ціха сядзяць, пра надвор'е гавораць.
І памідоры бурэюць ля рамы,
І за сялом ужо жытнішча воруць...
02. 08. 2023 г.
Воруць - аруць (гомельскі дыялект).
Свидетельство о публикации №123080202761