Сцежкi думак вядуць да дзяцiнства парога...
Сцежкі думак вядуць да дзяцінства парога,
Да калодзежа з мяккай салодкай вадой,
Да Мачулішча, дзе па пясочку дарога
Прывядзе мяне ў Будзішча летні спакой.
Сцежкі думак вядуць да рачулкі за лесам,
Дзе на дне яе жоўтым жывуць печкуры.
Асушылі яе, бо лічылі прагрэсам
Той учынак далёкай савецкай пары.
Церуха, Церуха, абмялелая рэчка,
Сцежкі думак вядуць мяне зноў да цябе
Праз сасновы мой бор, і кусцістую грэчку,
І балотныя карты ў лазовай журбе.
Я на нівецкі бок па асінавай кладцы
Перайду праз ваду, як калісьці "ў грыбы".
Сцежкі думак маіх - і сябры, і дарадцы,
І маіх каранёў векавыя дубы...
Сцежкі думак маіх мяне вернуць да хаты,
Пераступяць са мною праз родны парог,
За якім не сустрэнуць ні мама, ні тата,
Толькі ў правым вуглу - наш пакінуты Бог.
26. 07. 2023 г.
Мачулішча - назва лесу, Будзішча - вёска, Церуха - рака, "нівецкі бок" - наваколле вёскі Ніўкі на другім беразе Церухі, балотная карта - участак асушанага балота, абмежаваны меліярацыйнымі канавамі.
Свидетельство о публикации №123072604519