Пад гарою сад мой i бярозак купка...

***
Пад гарою сад мой і бярозак купка,
На пагорку сосны мажныя жывуць.
І буркуе ў лесе белая галубка,
І на ўзлеску кветкі сінія цвітуць.

Не плывуць аблокі, а стаяць над лесам.
Я стаю таксама, у блакіт гляджу.
І дрыжаць асінкі ліставым жалезам,
І з лісцём асінак я і сам дрыжу.

Пад гарою сад мой і мая зямелька.
Не шукаю сэрцам іншае зямлі.
Беларусь - і лёс мой, і пятля, і пелька,
І аблокаў шэрыя ў небе жураўлі.

23. 06. 2023 г.


Рецензии