Майскi дзень пахмурны i спакойны...

***
Майскі дзень пахмурны і спакойны,
Нібы ў свеце не ідзе вайна.
Пад гарою - сад, за садам хвойны
Ціхі лес лянівы. І вясна.

І вясна. І лес не абгарэлы,
Крыху змрочны і маўклівы лес.
І бярозак шоўк - яшчэ не смелы,
І за агародам кусцік - бэз.

Нібы ў свеце - выбухі далёка,
Толькі выбух яблыневых дуг.
І вясна. На яблыні сарока
Да сябе заве сваіх падруг.

Майскі дзень пахмурны і спакойны,
Нібы ў свеце не ідзе вайна.
І сароку не трывожаць войны.
І вясна бязмежная, вясна!

18. 05. 2023 г.


Рецензии