Дзве радзiмы
Куточак мой пушчанскі запаведны.
У час любы – у радасці, журбе –
Твой водар для мяне заўжды адметны.
Распавядаюць волаты-дубы,
Як Вітаўт і Ягайла палявалі,
Пра тое, як знікалі тут зубры
І адраджаліся ад Пугінала.
Няхай струменіцца вада Лясной
І ў Буг нясе пушчанскія ўспаміны.
А ў Камянюкі я прыеду зноў,
Куды бы лёс нястомны ні закінуў.
І для мяне калысачка жыцця
Не атрымае статус небыцця.
Не атрымае статус небыцця
І Кобрын у маім жыцці і сэрцы.
Так сталася: павінна тут быць я,
Другой радзімай Кобрын назавецца.
Я палюбіла гэты гарадок,
Дзе рэхам адгукаюцца стагоддзі.
Пачую часам каралеўскі крок,
Зноў парк аповедам закарагодзіць.
А ланцужок блакітны Мухаўца
Падперазаў мне мрояў зіхаценне –
П’ю асалоду трапнага слаўца
І прыгаршчамі чэрпаю натхненне.
Ты, Кобрын, лёсам стаў маім цяпер –
Я Богу вельмі ўдзячна за цябе.
Свидетельство о публикации №123050607321
Добрыя вершы Вашы, Наталля, – цёплыя, шчырыя, спеўныя, як сама наша мова.
З задавальненнем пачытала Вас.
Натхнення, радасці творчай на паэтычнай ніве і ўраджайнай беларускай паэзіі!
Ядвига Довнар 12.05.2024 15:58 Заявить о нарушении
Наталья Кондрашук 12.05.2024 21:24 Заявить о нарушении