Вяртанне да мовы

Не размаўляем мы на мове продкаў,
Блукаем непрыкаяна па свеце,
Раднейшая чужая нам гаворка,
Нават чужое сонца лепей свеціць.

І толькі сны ў далёкае дзяцінства,
Спасціглі дзе калісь матулькі слова,
Вяртаюць нас. І з моваю адзінства
Мы пачынаем адчуваць нанова -

У шэпце каласоў несжатай нівы
І спеве ціхім векавога бору,
Гудзенні пчол, працаўнікоў руплівых,
На лузе летнім, што прапах чаборам,

Рыпенні веснічак марозным ранкам
І посвісце зімовай завірухі,
У ценьканні сінічак каля ганку
І балбатне сарокі-клапатухі.

А сярод мрояў да самага рання
Спяваць бабуля будзе: “Спі, дзіцятка…”
І раптам у сне салодкім на світанні
Паўстане ледзве ўлоўная здагадка:

Душы ніколі не сагрэе свет чужы,
Час марна страчаны і вынік горкі,
Нідзе сваімі нам не быць, бо мы
Не існуем без роднае гаворкі.

І дасць выснову тут жыцця дарога:
Не жораў лепей, а ў руках сініца,
Мы вернемся да роднага парога
З крыніцы слова роднага напіцца.


Рецензии