Ваколица

Каляровы мой сон і бяссонніца,
Маладосць, дзе вяночкі плялі.
Ты - мая дарагая ваколіца -
Частка роднай мне маці - зямлі!

Ружавее ўсход марай дзявочаю,
Што люляла мой гай малады.
Па жыцці, дзе лятала і крочыла
Праз нягоду і  шчасця гады.

Прабягуся вачамі па вуліцы,
Тут знаёмы мне кожны жыхар,
Дзве рабінка да вішанькі туляцца,
І цалуе паветра абшар.

Салаўямі сады заліваюцца,
Але сэрца ў самотнай журбе.
Цёмна ў хаце, святло не запаліцца,
Бо даўно там ніхто не жыве.

Пашукаю знаёмую сцежачку,
Што вяла да ракі вечарком,
Там кароў сустракала суседачка,
Каб дзяцей напаіць малаком.

Сэрца жалем, як хусткай, агорнецца
І заб’ецца хутчэй і хутчэй…
Ты - любоў мая, маці-ваколіца,
Мой праменьчык святла для вачэй.

Ой, ваколіца ты мая светлая!
Будзяць пеўні салодкія сны.
Ты матуля мая мнагадзетная,
Прыгажуня з усмешкай вясны!


Рецензии