Трывожная памяць

У вёсцы, дзе тры жыхары
Сягоння жывуць у трывозе,
Ля хаты Івана Гары
Апоўдні з'явіўся бульдозер.

Спачатку напоўз на пляцень,
Зраўняў яго з полем парослым,
А потым -- на дом наляцеў
Той дзядзька: забойца дарослы.

Парушыў вясковы спакой:
Трашчалі бярвенні і ліштвы.
Махаў хтось кіроўцу рукой:
-- Спыніся, навошта дом нішчыш?

А ён -- ці глухі, ці сляпы --
Рабіў сваю чорную справу.
Бярвенні тырчаць, бы слупы
Вяскоўцам жывым на забаву.

Здаецца, мінула вайна,
Ды шчасце людзей абмінула.
І вёска, што люднай была
Сягоння ў слязах патанула.

Так нішчыцца памяць сялян.
Руйнуюцца іхнія хаты.
Не трэба манкуртам зямля --
Да сэрца -- дзяржаўныя святы.

Не мае жыццё больш цаны --
Знішчаецца памяць наўмысна.
Тырчыць з-пад старое сцяны
Вясковых турбот карамысла.

12.02.2022.


Рецензии