Пирог сяброуства

Пірог сяброўства
(Для дзетак дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту)

Неяк раз спякла вавёрка
Свой арэхавы пірог.
Адчуваўся пах з пагорка,
Вырас той пірог, як стог!

Смаката! Такіх не еў ты,
Бо пірог той быў лясны,
З пахам моху трошкі, елкі,
Смолкі, верасу, сасны…

Плыў з дупла прыемны водар.
Ды такі, што не прайсці,
А ні блізка, а ні воддаль,
Каб у госці не зайсці.

Запалоніў усё навокал.
Пазбягаліся звяры.
Прыляцела і сарока.
Нават вылез вуж з нары.

Воўк прыбег, за ім - ваўчыца,
Ліс з лісою прытрусіў…
Беглі, йшлі, каб пажывіцца
Пірагом, бо водар плыў…

Толькі заяц хітраваты
Пераскочыў праз пянёк
І давай крычаць: « Рабяты!
Незвычайны той пірог!

Хто з нас крышку пакаштуе,
Будзе добрым сябруком!
Лес ад бедаў уратуем,
Бо ён - наш агульны дом!

Калі згодны, то вавёрка
Будзе ўсіх нас частаваць
Пірагом з арэхам, морквай,
Бо дупло ж нам не дастаць!

Спусціць нам пірог, навучыць,
Як сябрам прыгатаваць.
Лес заўжды будзе пявучым,
З ім не будзем гараваць.

Лепш давайце пірагамі
Частавацца кожны дзень
Будзем лепшымі сябрамі!
Мне пячы пірог не лень!

Не захоча больш ваўчыца
Есці лісаў і зайцоў…
 - І не будзем больш сварыцца! -
З гушчару мядзведзь зароў.

 - Калі так, то ўсе мы згодны. -
Падхапілі вожык, ліс.
 - Лес для усіх нас бацька родны.
- Хай, пірог спускае ўніз!

 - Як? Не згодзен я! - Аднекуль
Прагучала нібы гром.
 - Воўк мясное есць спрадвеку.
А інакш не быць ваўком!

Тут ваўчыца падхапіла:
 - З мужам тут у згодзе я.
Дзе без мяса возьме сілы
Наша воўчая сям’я?

Вось тады падпоўз да воўка
Мудры вуж і прашыпеў:
 - Буду я жывой вяроўкай.
Задушу, каб нас не з’еў!

Воўк спалохаўся, адскочыў,
А за ім - ваўчыца ўслед.
З тых часоў палюе ўночы
На звяроў наш воўк-сусед.

А вавёрка адчыніла
Дзверы, вокны: «Скок ды скок!»
З пажаданнем падзяліла
«Смачна есці!» піражок.

З той пары ў чароўным лесе
Па чарзе  звяры штодня
Пірагі сяброўства месяць,
Бо сябры яны! Радня!


Рецензии