Страчаная Беларусь

О, Беларусь, пакутная зямля! --
Дзядоў маіх няздзейсненая мара.
Гукаеш ты дзяцей сваіх здаля
І молішся, калі над Храмам -- хмара.

Гаротніца з прыгожаю душой
І моваю, нібы крыніца, спеўнай!
Ты ў роздуме стаіш па-над Ушой --
Чакаеш Барадуліна, напэўна.

Не прыдзе Акуліна да вады --
Рака змяніла нораў і цячэнне.
Ад нараджэння боскага гады
Плывуць з вадою тою ў час вячэрні.

Няма таго, што тут раней было --
Губляе край мясцін знаёмых рысы.
Куды ні глянь -- палі замест балот,
Ды сэрцу незнаёмыя абрысы.

О, Беларусь! -- Вярні былы давер:
Дай сілы тым, хто да Айчыны крочыць,
Каб край не абяссілеў, не згавеў --
Дай веры нам,
Дай памяці,
Дай вочы.


Рецензии