ДУХ

Нас б'юць, катуюць, прыніжаюць,
А мы ўстаем і крочым зноў,
Каб зварушыць маўчання шалі,
Перамагчы, нарэшце, зло.

Хлусня глядзіць у нашы вочы --
Яна баіцца дабрыні
І тых людзей, што з верай крочаць,
І што да веры дабрылі.

Мы паяднаныя з Радзімай
Зямною ласкай, небам тым,
Што робіць мой народ адзіным,
Іграе дум яго матыў.

Баяцца веры злыдні, каты,
Саджаюць дужых у муры.
Я веру: прыдзе час расплаты,
Бо рухне, рухне дом стары...

І пацукі з палацаў грозных
Пачнуць уцёкі на Усход.
Чакае іх прысуд сур'ёзны --
Настане з трону іх сыход.

Не будзе над арлом кароны --
Яна сваю сыграла роль.
Не стане вольны дух скароным --
Вясны сваёй чакае рой.

04 02.2021


Рецензии