Не забыцца

На зямлі, дзе б’ецца ў бераг Іслач,
Дзе бялее ў полі збажына –
Ведаў шмат сцяжынак я сунічных,
Ведаў шмат людзей я сімпатычных,
Ведаў – дзе ёсць праўда, дзе мана...

Аніколі не спяшаўся ў суддзі,
Помніў, што жыццё заўжды мудрэй.
Кожны верш мой – падарунак людзям,
Хто душой імкнецца быць дабрэй!

Дзіваку, ніколі не забыцца,
Як ля вокан пахне бэз вясной,
Як натхнёна ціўкае сініца
Ля крыніцы ў засені лясной.

Як вусаты колас з коласам шапоча
Ледзь павее ветрык ранкам у цішы,
Як ласкава ў бераг хвалямі пляскоча
Іслач, дзе аднойчы ногі арашыў…

Не забыць куточак – вёсачку Зафільцы,
Азярод за хатай, вербы над вадой…
Тут мае пагодкі ў паўсядзённай працы,
Тут прайшло юнацтва бойкаю хадой.

Дзе б пасля ні ездзіў, дзе бы ні бадзяўся –
Але ў вёску цягне адусюль з дарог.
Аб пачуццях светлых людзям прызнаваўся,
Самае святое я ў душы збярог!


Рецензии