Беларусi

Твой лёс -- ледніковы валун,
Што лёг на зямныя плечы.
Яго нават час не крануў,
Бо дбаў той валун аб вечным.

Уночы, калі цёмны змрок
Запальваў у небе зоркі,
Да іх ты рабіла крок,
Збірала надзей іголкі.

Яны, як праменне дзён,
У думках жылі жаночых.
Сшывалі парваны дзёрн,
Надзеяй вачэй штоночы.

О колькі такіх валуноў
На целе тваім, краіна?
Ты з імі жывеш даўно.
Ты імі свой боль гаіла.

Трывала ад катаў здзек,
Расла з валунамі ў полі,
І ў вечнай сваёй хадзе
Прасіла найлепшай долі.

Бо вера твая ў валунах
Парослых зялёным мохам.
Яе не крануўся страх --
Ты чыстая перад Богам.


Рецензии