Iдучы на IT-курсы, якiя так ня сталi працай
выкатываецца
шарыкам мармуровым
праз вузкі пад'езд
і выходзіць
вонкі
Белмаркет хрыпіць, як хворы мамант
У яго баліць жывот
Ён праглынуў рынак і кансерваваны дабрабыт
Нізкія вокны дамоў
адлюстроўваюць
чужое жыцьцё
гэтак жа, як і тваё
Апранем маску на воблака
Воблака ў масцы
і без штаноў
Яднаньне брукаванкі
й пластыкавай крышкі
з дзіркай, праз якую
існуе трубачка
Шторка маршруткі
працісківаецца праз сьмерць
Усе рэчы
праціскваюцца праз сьмерць
Лодка жаночага цела плыве да вадаспаду маладосьці
Сьвет падзяляецца на дьзве часткі: дзе ёсьць чырвоныя цюльпаны, і дзе іх няма
Л - проста літара л, націснутая выпадкова
"Методологически это потрясающая вещь"
Фарфоровый слон трубит
Вечар уразаецца на вялікай хуткасьці
ў голуба, што ляціць
нізка над
адчаем існаваньня
У сёньняшняга жыцьця
добры густ:
ён падобны на мой
У сяньняшняга неба
прамая постаць
Неба плаціць шэсьць даляраў
плоту і футбалістам за плотам
Неба сушыцца на вяроўках сэнсу, пакуль ізноў ня ўзьнімецца на флагштоку раставаньняў
над плошчай перад палацам
піянераў ды піянерак
Адпрасаванае далонямі,
і яшчэ цёплае,
трохі зьлінялае ад сьлёз,
але ў цэлым прыгоднае
для карыстаньня
Неба гунаў
шукае цябе вачыма.
Не адварочвайся -
пачынаецца імпрэза дажджу
Свидетельство о публикации №123012000913