Пупышка восенi распускаецца
празрысты і круглы,
як кубак са шкла,
яшчэ поўны, яшчэ не
апракінуты.
Сад дрыжыць
думкамі аб зіме,
ён карэньнем урос у лета, але зямля ўжо рыхтуецца да пераезду ў люстэрка.
Сад даверліва
перабірае паветра, перашэптвае навіны, што прынёс вецер -
а ці праўда, што хутка
халады выйдуць зь берагоў
і затопяць зямлю каруселяў ды супермаркетаў?
Так, праўда.
Выжыве толькі кара, толькі карэньне, толькі карычневае і бурае.
Зялёная галава лета
ляжа шчакой на сьнег.
Скрозь зьбяднелыя галіны бязьлітасна
гляне прыўкрасная сінеча - амбасадор Разлучаных Штатаў Холаду.
Вусны яе варушацца,
яна чытае замову зімы.
Вершаліны
шлюць поўныя тугі лісты караням -
а тыя
ня пішуць у адказ.
Беластвольныя герольды трубяць у бязгучны рог неба: пупышка восені распускаецца.
Свидетельство о публикации №123012000897