Герой, мядзьведзь i залаты алень
згубіла сукенку і сьвеціць
лімоннай электрычнасьцю
бяз провада й разеткі
над лесам і дарогай
у густой першабытнасьці сна,
у начы, галоднай, як рака.
Герой
ідзе праз лес,
у руках яго меч і веласіпеднае кола,
ён азіраецца, ахоплены страхам,
і па сьпіне яго дрыжыкамі велічнасьці
прабягае месяцовы сьмех.
Птушка
крычыць праз арабінавую ноч аб тым, што зьнікла,
як камень зьнікае ў цемры возера,
разбьіваючы цьмянае люстэрка возера.
Мядзьведзь сядзіць на гары
з разьбітых аўтамабіляў маркі нісан.
Нісан - гэта цёплы вецер альбо сьвяты месяц -
як паглядзець.
Мядзьведзь
канцэнтруе ў сабе
сэнсы леса,
ён тэрмометр праўды,
ён паставіў сам сябе
гэтай чэрвеньскай ночы,
каб ня ўмерці,
і каб жыць.
Герой падыходзіць да ўскрайку леса
з птушкай на плячы,
ён пакiдае за сабой
сцежкi да вадапою, па бакам якіх летам расьце крапіва,
а ўзiмку расьце сьнег.
Калi герой азірнецца, то пераўтворыцца ў дрэва.
Дрэваў тут шмат - адзін карэньён тры сохні шэсьць дзярвяткаў і пяць адлінак.
Дрэваў хапае.
А недзе у самым страўніку пушчы
жыве залаты алень,
зроблены са срэбра,
якое зроблена з электрычнасьці,
якая зроблена з бессаромнай месяцовай няпраўды
пра гэту горкую, як нафта,
ноч.
Герой паляваў на яго,
але дарэмна.
Мядзьведзь ведае пра гэта,
і яму норм.
Свидетельство о публикации №123012001062