Чаромхавы снег
леанід ПРАНЧАК
Балада памяці
піяністкі
Камілы Марцінкевіч*
1.
Вясна зацяжною была.
Чаромха ў затоцы зрыжэлай
Ніяк адцвісці не магла,
Хавалася ў шэрані белай.
Шумела чаротам рака,
Змывала начную санлівасць,
Было невыносна шкада
Сябе і сваю нешчаслівасць.
Нічога не цешыла.
Боль
Замружыла вальсы Шапэна.
Са снегам маёвая золь
Цякла па абшарпаных сценах.
Не будзе таго, што раней.
Хоць ты павяртайся ва ўчора,
Бо з кожнай хвілінай бліжэй
Чуваць непазбежнасць мінора.
2.
Падушачкі пальцаў смыляць
І ныюць нясцерпным жаданнем
Ударыць па струнах, суняць
Да дрыжыкаў прагу іграння.
Ды пальцы аслаблі зусім,
І рукі, як сонныя рыбы.
Лапочуць лісцём маладым
У вокнах вільготныя шыбы.
Жыццё праляцела, як сон.
Пакутаю скрушнаю стала.
І музыка, нібы праклён,
Ужо не гучыць, як гучала.
Выгнанніцкі шлях. Салікамск,
Зноў Менск і Бабруйска пяшчота.
Лёс, поўны блуканняў і драм,
Пражыты зусім не па нотах.
Імжыць, не спыняецца дождж.
Па сцёку не ў такт барабаніць.
Ці хочацца жыць? А няўжо ж!
Пытанне бянтэжыць і раніць.
3.
Сыграць бы цяпер паланэз,
Аддаць яму ўпотай дазвання
Усю сваю роспач, увесь
Нявыстылы прысак кахання.
Ды так, каб аж да забыцця.
Балюча, як свежая рана,
Як вырак зямнога жыцця,
Да хрыпласці фартэпіяна,
Каб чуўся ў ім пошум дубраў,
Каб вогнік шугаў у жароўні,
Каб вецер ільны калыхаў,
Каб дзынкалі пчолы ля дроўні.
Працягам абветраных рук
Над чорным грувасткім раялем,
Каб кожная нота і гук
Азвалася шчасцем і жалем.
4.
Калоцяцца рукі... А слых
Раздвоіўся непаслухмяна.
Таму замест музыкі крык:
З фарцісіма і да піяна!
За вокнамі каля ракі
Крычаць за актавай актава
Старыя сівыя гракі
Глухое гартаннае “Брава!”.
Не бачыць! Не ведаць! Не чуць
Надломленай клавіятуры.
А слёзы па твары цякуць
І капаюць на парцітуры.
Гадзіннік суцішвае бег.
Нямеюць вятры на сумежку.
І мокры чаромхавы снег
Ляціць на разбітую сцежку.
16.12.2022
*Каміла Марцінкевіч – дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
P.S.
Выкарыстанне і распаўсюджанне ў любой форме і ў любым памеры (у т.л. цытаванне) толькі з пісьмовага дазволу аўтара.
Звяртацца ў прыват.
Свидетельство о публикации №123011802768